Заданні
І этапа літаратуразнаўчага конкурсу для вучняў 10-11 класаў
“Як месяц — адзінокі: жыццё і творчасць Сяргея Палуяна”
(да 100 год з дня смерці Сяргея Палуяна)
Кожная
асоба можа разглядацца ў некалькіх аспектах, адпаведна той рол,
якую чалавек адыгрывае ў грамадстве. Так і Сяргей Палуян. Яго асоба
шматгранная, накірункі дзейнасці і інтарэсы — разнастайныя. Неадназначна
яго погляды ўспрымалі як сучаснікі, так і паслядоўнікі. Варта заглыбіцца
ў разуменне асаблівасцей асобы С. Палуяна, той ролі, што ён адыграў
у станаўленні беларускай літаратуры.
1. Вучань.
Важную ролю ў станаўленні творчай індывідуальнасці адыгрывае адукацыя.
У якіх навучальных установах і ў які час атрымліваў адукацыю С.
Палуян? Дзе ён марыў вучыцца?
2. Пілігрым.
Жыццёвы шлях кожнага чалавека мае сваю геаграфію, важныя падзеі
ў жыцці звязаны з пэўнымі мясцінамі. Знакавыя для С. Палуяна падзеі
адбываліся таксама ў розных гарадах і краінах.
Назавіце гарады і мястэчкі, з якімі звязаны лёс творцы. Якія падзеі
адбываліся ў кожным з гарадоў?
3. “Адзін”.
С. Палуяна верхнепалатнікі называлі “Адзін”. Так, ён меў надзвычай
мала адзінадумцаў.
У якіх перакананнях С. Палуян быў сапраўды адзін?
4. Сябры.
Былі ў С. Палуяна і верныя сябры, літаратары, публіцысты таго часу.
Назавіце сяброў С. Палуяна? Што паслужыла асновай іх сяброўства?
5. Наватар.
Нягледзячы на тое, што працаваў С. Палуян у літаратуры і публіцыстыцы
толькі год, ён быў першапраходцам у некаторых накірунках творчай
дзейнасці.
Што новае ўнёс С. Палуян у літаратуру і крытыку?
Хто стаў паслядоўнікам С. Палуяна ў яго дзейнасці?
6. Мадэрніст.
С. Палуян з’яўляецца аўтарам двух вершаў прозай: “Вёска” і “Хрыстос
васкрос!”. Рысы якіх мадэрністычных плыняў можна прасачыць у гэтых
творах? Хто стаў паслядоўнікам С. Палуяна ў гэтым накірунку?
7. Адраджэнец.
У пачатку ХХ ст. вельмі востра стаяла пытанне беларускага нацыянальнага
адраджэння. Кожны з дзеячоў культуры таго часу прапаноўваў розныя
шляхі вырашэння гэтай праблемы.
Пералічыце асноўныя пастулаты адраджэнскай праграмы С. Палуяна (канечне,
у гатовым выглядзе яе не існавала, але розныя аспекты праблемы малады
крытык разглядаў у асобных сваіх артыкулах).
8. Прарок.
У публіцыстычных і крытычных артыкулах С. Палуян выказваў уласныя
думкі адносна будучыні беларускай культуры. Некаторыя з яго дапушчэнняў
праз некаторы час здзейсніліся.
Якія прадказанні С. Палуяна здзейсніліся?
9. Легенда.
Даследчыца польскага постмадэрнізму А. Браноўска аднойчы напісала
пра С. Палуяна: “Маладапольскі паэт меў сваю біяграфію, але павінен
быў мець яшчэ і легенду”. Першым крокам стварэння такой легенды
стала з’яўленне шэрагу водгукаў у прэсе з нагоды смерці С. Палуяна,
сярод якіх былі і мастацкія прысвячэнні яму.
А) Якія творы, напісаныя ў пачатку ХХ ст. сталі часткамі гэтай легенды?
Хто быў іх аўтарам?
Б) Ці мае легенда працяг у сучаснай беларускай літаратуры? Назавіце
аўтараў-нашых сучанікаў і іх творы, прысвечаныя С. Палуяну.
10.
Паданне.
Жыццё і творчасць С. Палуяна пачалі прывабліваць увагу гісторыкаў
літаратуры параўнальна позна, але даследчыкі не зусім спазніліся,
ім усё ж удалося раскрыць шмат невядомых старонак жыцця творцы.
Хто з даследчыкаў літаратуры займаўся вывучэннем жыцця і творчасці
С. Палуяна, якія кнігі і артыкулы яны надрукавалі на аснове зноў
адкрытых фактаў?